Аўстрыя з водарам вясны і кавы

Аўстрыя з водарам вясны і кавы

Чаму Аўстрыя?

Усё пачалося са слова Інсбрук.
Я нават слаба ўяўляла сабе, што гэта за горад, але інтэрнэт ізноў зрабіў сваю справу – у здымкі сталіцы альпійскага Ціроля я закахалася адразу і назаўсёды. Гэта стала такой прыгожай марай. І амаль недасяжнай.
Але… Калі нашы мары становяцца мацнейшыя за нашы жахі, яны пачынаюць збывацца. Абсалютна выпадкова намалявалася магчымасьць патрапіць у Аўстрыю.

DropZone

***
Аўстрыя пачалася з Вены. Але я не буду пісаць пра гэты горад. У ім мы прабылі ўсяго 4 гадзіны, хуценька прайшоўшыся па знакавых месцах. Таму мы толькі падзівіліся на яе велічнасьць, уявілі, як можа быць тут класна позняй вясной, калі ўсё квітнее і можна гадзінамі сядзець на адкрытых летніх тэрасах кавярняў, гледзячы на шпілі св.Стэфана… І пабеглі далей. На цягнік да Зальбургу.

Як набываць квіткі ў Аўстрыі

Квіткі на аўстрыйскія цягнікі лепей набываць праз інтэрнэт - www.oebb.at . І пажадана крышачку загадзя. Бо можна патрапіць на неверагодныя кошты ў 9 еўра за квіток. Дзеці пры дарослым вандруюць бясплатна. Асобна можна дакупіць рэзервацыю месца. Каштуе яна 3 еўра на адну асобу. Можна і не купляць, тады сядаць можна на любое месца, над якім пазначана “няма рэзервацыі”. Над зарэзерваванымі месцамі ёсьць надпіс, адкуль і дакуль гэтае месца занятае.
Нават, калі вам не засталося квіткоў за 9 еўра, то ўсё роўна квіткі праз інтэрнэт могуць каштаваць значна таньней, чым пры пакупцы ў касе. Праверана:)
Калі вандруеце сям’ёй, то пры пакупцы трэба выбіраць “сям’я”. Там жа можна дадаць пажаданую колькасьць іншых пасажыраў.
Пасьля завяршэньня працэса пакупкі вам у паштовую скрыню прыйдзе ліст са спасылкай на раздрукоўку квітка. Калі квіток акцыённы (за 9 еўра), можаце сьмела ціснуць “раздрукаваць” і квіток стане даступным для друку і разам з тым прыйдзе вам у пошту ў фармаце PDF. Калі квіток не акцыённы, то ён зваротны. Пры націсканьні кнопачкі “раздрукаваць” вам будзе выдадзенае папярэджаньне, што раздрукаваўшы гэты квіток, вы ўжо не зможаце ад яго адмовіцца. Калі вы не ўпэўнены ў сваіх планах, націсьніце “адмена”. Вернецеся да этапу пазрукоўкі пазьней. Калі ўпэўнены – то працэс раздрукоўкі аналягічны апісанаму вышэй.
У аўстрыйскіх паяздах пры прад’яўленьні раздрукаванага квітка патрабуюць пашпарт. Таму будзьце ўважлівыя, уводзячы імя таго, хто едзе па дадзеным квітку. Калі дарослых двое (нават, калі гэта і не сямейны квіток), то ўводзіцца імя-прозьвішча аднаго з пасажыраў.

Зальцбург

зальцбургНарэшце, тры гадзіны ў цягніку, і мы прыбываем у Зальцбург. Ноч у маленькім утульным гатэлі, сонечны ранак - і мы гатовыя адкрываць для сябе горад, у якім нарадзіўся Моцарт.

Пра славутыя мясьціны гэтага горада выдатна напісана на шматлікіх сайтах для падарожнікаў. Я не змагу зь імі супернічаць. Я хачу проста паспрабаваць вас захапіць атмасьферай гэтага горада, каб вам захацелася прайсьціся па гэтых вулачках і пабачыць усё на свае ўласныя вочы.

Для нас атмасьфера пачалася з унутранага дворыка ля Кафедральнага сабора, дзе быў хрышчоны Моцарт. Зранку, калі турыстаў яшчэ няшмат, можна хадзіць там, уяўляючы сабе ў далёкім 18 стагоддзі, слухаць, як б’юць званы, настройваючы на ўзьнёслы лад, і раптам, недзе ў глыбіні самаго сабе, пачуць гэтую музыку… Нават, калі вы ніколі не чулі Моцарта, вы адчуеце лёгкасьць яго мелодый, якія будуць нячутна разьлітыя ў паветры.

зальцбург цукерка моцарт
Пасьля, канечне, была плошча з помнікам цукерке “Моцарт” і яе стваральніку. І від на крэпасьць Хоэнзальцбург. Нават, калі вы і не плянавалі ўздымацца туды, іншых варыянтаў у вас проста не застанецца. Бо гэтыя рамантычныя белыя вежы так і вабяць да сабе. Ну і лепшы від на гэты горад… Ну вы разумееце.

З агляднай пляцоўкі гэтай крэпасьці шыкоўны від не толькі на дахі і шпілі Зальбурга, але і на велічныя Альпы. Вось менавіта тут для нас пачала адкрывацца прыгажосьць Ціроля.

зальцбург-альпы, Австрия, Аўстрыя
Вышэй ёсьць яшчэ адна аглядная пляцоўка. Патрапіць на яе можна праз экскурсію па ўнутраных залях вежаў. Дарэчы, экскурсія суправаджаецца аўдыёгідам, дзе ёсьць руская мова. Цікава паслухаць.
Прагуляцца па іншых унутраных памяшканьнях крэпасьці можна і без эксрурсіі – у іх месьціцца даволі вялікі музэй, дзе можна пабачыць амуніцыю і зброю аўстрыйскіх войскаў розных перыядаў, старажытныя кнігі, посуд і шмат іншых цікавых рэчаў, распавядаючых аб жыцьці горада і краіны ў розныя эпохі.
Падымае і спускае з крэпасьці вагончык-фунікулёр. Дарослы квіток каштуе 11,50 еўра, дзіцячы – 6,50.
Пасьля мы проста гулялі па вуліцах Зальцбурга, не адмаўляючы сабе ў жаданьні зьвярнуць на спадабаўшуюся вулачку, ухапіўшыся позіркам за прыгожую вывеску ці дах. Для мяне вось такое паглыбленьне ў горад - гэта амаль самае цікавае пры вандроўках. Калі ты ідзеш, схаваўшы мапы ў кішэню, і наўпрост адкрываеш для сябе горад такім, як ён ёсьць.

зальцбург у ракі
Мы выйшлі да ракі, селі на камяні, падставіўшы твары сонцу. У трох кроках на масту кіпіць жыцьцё, снуюць тралейбусы, граюць вулічныя музыкі… А тут - цішыня, спакой, сонца і поўнае адчуваньне вясны і шчасьця.
Вярнуўшыся на процілеглы бок ракі, мы выйшлі да палаца Мірабэль.

мірабэль

Ён і ягоны сад былі яшчэ зачынены для наведвальнікаў, таму мы абышлі яго па перыметры, жмурачыся ад сонца, любуючыся вясновымі кветкамі і скульптурамі. За палацам знайшлася невялікая, але вельмі добрая дзіцячая пляцоўка. Вельмі раю.

Цаль-ам-Зее

Наступным крокам нашай вандроўкі стаў Цаль-ам-Зее. Гэта маленькі альпійскі гарадок на беразе возера, і пры гэтым - вядомы гарналыжны курорт. Але зараз гаворка не пра лыжы, а пра возера. Зь яго берагоў адкрываюцца клясычныя альпійскія віды.

цаль-ам-зее возера, Австрия, Аўстрыя

Тыя, што знаёмыя нам па рэклямных плякатах. Абацаючыя спакой і прыгажосьць. Што я магу сказаць – усё так і ёсьць.
На возера можна глядзець бясконца.

цаль-ам--зее возера, Австрия, Аўстрыя
Сюды прыходзяць бацькі з калыскамі, больш дарослыя дзеці бегаюць па дзіцячай пляцоўцы і частуюць хлебам качак і лебядзей. Дарослыя сядзяць на лавачках ці гуляюць уздоўж парапета.

цаль-ам-зее

Увесь гарадок можна абыйсьці натуральна за паўгадзіны. Маленькія кароткія вулачкі, утульныя, упрыгожаныя рознымі фігуркамі карвярні, сувенірныя лавачкі, ліхтары, уздоўж возера, беласьнежны “Гранд гатэль”… І горы, горы, горы… Засьнежаныя і цалкам зялёныя. Вельмі не хапала ровараў.

цаль-ам-зее возера2
Тут супернічаюць кандытарскія з бісквітнымі пірожнымі, штрудэлямі і суфле і маленькія пекарні з рагалікамі, булачкамі і сьвежым хлебам. І над удзельнікамі гэтай спрэчкі вітае непаўторны пах кавы... Ну як тут не стаць арбітрам і не пакаштаваць салодкіх вырабаў з абедзьвух бакоў! Пераможцы няма. Бо смачна ўсё!

Кіцбюэль

кітцбюэль, Австрия, Аўстрыя, Кицбюэль

Далей нас чакаў Кіцбюэль. Гэта таксама вядомы гарналыжны курорт. Але для нас галоўным было яго непаўторнае хараство гістарычнага цэнтра. Старажытныя вежы, цыбулінкі храмаў, аркі, рознакаляровыя домікі, брукаванка… Мяркую, тут прыемна праехацца ў вазку з конікамі. Дарэчы, яны тут прысутнічаюць, але дарагавата.

кітцбюэль
Пад час нашага наведваньня горад актыўна рыхтаваўся да Пасхі. Мора кветак, яек, пасхальныя зайкі… Гэта стварала такі ап’яняючы і крыху фліртуючы настрой. Шматлікія кавярні і рэстарацыі гасьцінна запрашаюць прысесьці за столікі на вуліцы.

кітцбюэль1

У кубках яркімі блікамі грае віно і піва, сонечныя зайчыкі хаваюцца ў вазочках з дэсертамі. Вясёлыя гутаркі на розных мовах. І ты адчуваеш сабе абсалютна сваім сярод ўсяго гэтага хараства…

Інсбрук

інсбрук, Австрия, Аўстрыя, Инсбрук

Вось так, невялікі крокамі мы наблізіліся да Інсбрука. Яшчэ колькі дзён таму гэта было марай, і вось я ўгэтым горадзе, за мной – знакаміты залаты дах, а перада мной вуліца Марыі-Тэрэзіі

інсбрук вул маріі тэрэзіі, Австрия, Аўстрыя, Инсбрук

І горы. Выдатная рэзідэнцыя Габсбургаў шмат гадоў таму прымерыла спартыўны вобраз. Для гэтага ёй спатрэбілася ўсяго дзве зімовыя алімпіяды. У 1964 годзе і ў 1976-м. Але Інсбрук - адзін з самых прыгожых сярэднявечных гарадоў Еўропы. Гэта горад, якому без малога 1000 гадоў і тут ёсць на што паглядзець.

інсбрук Хелблінгхаус, Австрия, Аўстрыя, Инсбрук

Чаго вартыя толькі Хелблінгхаус – вытанчаны жылы дом бела-ружовага колеру ў стылі барока, падобны на каштоўную шкатулку,ці гарадская Вежа - незвычайнае архітэктурнае збудаванне вышынёй у 56 метраў. Зараз гэта адна з назіральных пляцовак горада.

інсбрук гарадская  вежа, Австрия, Аўстрыя, Инсбрук
Вось тут мы зусім не карысталіся мапай. Проста хадзілі па вуліцах і вулачках, заходзілі ў кандытарскія (якія ж тут пірожныя, ааааа!), пілі каву (і сок), глядзелі на ўсё шырока адкрытымі вачыма, зьліваліся з натоўпам і хаваліся ад яго… І нават патрапілі на нейкія кіназдымкі ці то навагодняй стужкі, ці то перадачы. Пахадзілі нетурыстычнымі сьцежкамі за ракой Інн. Нажаль, не патрапілі ў альпійскі заапарк. Але, трэба ж нешта пакінуць і на наступны раз, праўда?..

p.s. калі ж вельмі захочацца трапіць у заапарк, гэта магчыма зрабіць, напрыклад, і ў Варшаве.

Кацярына Горкая, фота аўтара