У кожнага ўлетку свая Вільня

У кожнага ўлетку свая Вільня

Мне захацелася напісаць пра Вільню.

Напэўна, там перабывала большасьць нашых суайчыньнікаў. Нехта ездзіць туды па шопінг, нехта –на канцэрты, нехта проста прыемна пабавіць час. Нехта выкарыстоўвае суседнюю сталіцу як транзітны пункт, карыстаючыся аэрапортам Мінск-3.

Вільня, Вильнюс

У сеціве якіх толькі водгукаў пра Вільню не знойдзеш. Ад абуральна-расчаравальных, дзе ўзгадваюцца абшарпанныя сьцены і ідзе неласкавае параўнаньне з Талінам і Рыгай, да поўных любові. Да гэтых самых абшарпаных сьцен, што цікава.

Мы вырашылі скласьці свій водгук. Мамска-дзіцячы.

2

Адразу скажу, мы не хадакі па музеях. Гэта, канечне, не самая добрая наша якасьць. І мы абяцаем, што ў музей Вялікіх князёў літоўскіх мы абавязкова завітаем. Праўда-праўда. Ну а пакуль – як ёсьць.

Выходзім з дома.  Ногі неяк самі нясуць нас на прашпект, і мы, нярвова прытанцоўваючы перад нетараплівымі светлафорамі хутка апыняемся на Gedimino. Адразу трапляем у вадаворт нейкай музыкі, якую шчодра дорыць бліжэйшая кавярня. Адразу ўзгадваецца “Радио Гедиминаса, Оставайтесь с нами до первой звезды. В программе следующего часа лучшая музыка для весны.”* Зараз, праўда, не вясна, а самае што ні на ёсьць лета, але якая розьніца. Падхопленыя музыкай, мы нясёмся наперад, да Лукішскай плошчы. Там Зося на некалькі хвілін зачаравана глядзіць на прастору перад сабой. Нешта трэба тут замуціць, гавораць яе вочы. Але ніякіх ідэй па крэатыўнаму выкарыстаньню гэтага месца нам так і не прыходзіць. Таму мы ідзем да касьцёла св. Іакава і Філіпа глядзець на званы. Напэўна, іх не так даўно прывезьлі і цяпер тут прадстаўлена цэлая экспазіцыя: ад самых маленечкіх да самых вялікіх. Зося зачаравана дакранаецца да званоў і пытаецца, дзе яны будуць вісець. Знаходзім інфармацыйны малюнак і ўсё становіцца ясна.

Вільня, Вильнюс

Потым нясьпешна ідзем да ракі. І пад Белым мастом знаходзім 8 (ці 9) арэляў. Простыя-простыя белыя арэлі на вяроўках. Саджуся. Заплюшчваю вочы. І лячу… Лячу праз гады, кіламетры, успаміны… У самае дзяцінства. Калі паветра пахне кветкамі цыкорыя і гарачае па адчуваньнях. Калі здаецца, што можна легчы на зямлю і абняць увесь сусьвет…

Вільня, Вильнюс

Зося побач ўжо упэўнена ўселася на белую дошчачку і таксама пачынае вандроўку. Толькі ў яе гэта – у адрозьненьне ад мяне - адпраўная кропка. Тая, ў якую яна будзе вяртацца праз 20-30 год на нейкіх іншых арэлях…

Пасьля мы доўга сядзім ля маленькай дзіцячай пляцоўкі, прыслухоўваючыся кожная да нечага свайго. Потым, не згаворваючыся, падымаемся з лавачкі і ідзем у накірунку Катэдральнай плошчы.

Не ведаю чаму, але я заўсёды вітаюся са званіцай, калі прыходжу сюды. І яна вітаецца са мной. Гэта такая змова дваіх, якія ведаюць нешта такое, чаго не ведаюць іншыя.

Традыцыйна загадваем жаданьне, круцячыся на надпісы stebuklas. Зося давяральна шэпча: “А табе расказаць, што я загадала?”. Пераадольваючы зман, я адмаўляюся. “А то не збудзецца”. Не збудзецца – гэта сур’ёзны аргумент, так.  Я бачу, што Зосі вельмі хочацца расказаць, але яна стрымлівае сабе. Каб збылося.

Тут жа, ля помніка Гедэміну, купляем марозіва. Разрэклямаванае, з мядзьведзем. І ідзем у Бернардзінскі сад.

У маім дзяцінсте не было такого сада, куды б я з мамай хадзіла есьці марозіва. Шчыра кажучы, і марозіва-та амаль не было, мама вельмі хвалявалася за маё здароўе. Але зараз мне чамусьці здаецца, што я вяртаюся ў дзяцінства. Ізноў. Ўсё ж ёсьць нешта ў гэтым горадзе такое, што дорыць мне самыя цікавыя ўспаміны.

Я люблю сядзець у Бернардзінскім садзе і назіраць за паветранымі шарамі. Яны ўзьнікаюць аднекуль зусім нечакана. Потым іх становіцца болей і болей і ты зачаравана адсочваеш іх шлях. Але звычайна гэта адбываецца ўвечары. І зараз замест шароў мы спускаемся да Вільняле карміць качак. Зося дастае клапатліва прынесены з дома хлеб і кідае яго кавалачкі ў раку. Качкі тут як тут. Мне здаецца, што ўсе жывёлы і птушкі любяць Зосю. Яна прыдумляе пра іх дзіўныя гісторыі, абавязкова пазначаючы, хто ў іх мама, хто тата, а хто дзеткі. І хто што робіць. І хто куды пайшоў. Можа быць, яна яшчэ не развучылася разумець іх мову?..

Потым сваё ганаровае месца займае дзіцячая пляцоўка, што месьціцца тут жа. Дзіця занятае, я пампую фотачкі ў Інстаграмчык. Бясплатны вай-фай і ўсё такое.

Вяртаемся на Gedimino. Там ўжо ва ўсю ідзе спартовая нядзеля. Батуты, вялікі і настольны тэніс, трэнажоры, баскетбол і нават хакей на траве. Вось гэта я разумею “за здаровы лад жыцьця”. Зося ўжо скача на батуце – і адкуль толькі сілы бяруцца? – я а апускаюся ў фатэль-падушку. Канешне, я б задавальненьнем узгадала, як гэта – граць ў тэніс, але, нажаль, усе ракеткі разабраныя. Таму проста сіжу, пацягваючы каву з картоннага кубачка, і гляджу на тых, хто грае.

Дарэчы, кава – гэта мая асобная віленская тэма. Ні дня без кавы, называецца. Звычайна я заруліваю ў які-небудзь з coffee inn, замаўляю амерыкана і п’ю яго маленькімі глыточкамі, расцягваючы асалоду. Не таму, што шкада грошай на яшчэ адзін кубачак, а таму што ёсьць нешта амаль сакральнае ў гэтым распіцьці кавы ў Вільні.

7

Можна яшчэ завітаць у No sugar на перакрыжаваньні прашпекта Gedimino і Stulginskio. Кажуць, што там самая смачная кава ў горадзе.

Вільня, Вильнюс, кафе Вильнюса

Але зараз я б завітала на Didžioji. Мне падабаецца сядзець на Ратушнай плошчы і глядзець на рознакаляровую мітусьню вакол сабе. Мае ўспаміны паслужліва падсоўваюць мне пледы і водар вэнджанай рыбы на Казюкас, жоўтае кастрычніцкае лісьце і перазвон званоў у дзень аднаго файнага канцэрта, вялікі экран з відэатрасьляцыяй з Кіева падчас майскага дня вулічнай музыкі…

Да Ратушы мы, ў выніку, прыходзім ўвечары. Усё ж такі дзяўчатам трэба і адпачываць. І пакуль Зося амаль акунаецца ў фантан, я п’ю сваю каву, назіраючы за ёй праз паўзаплюшчаныя вочы. А потым мы ідзем праз ТУ САМУЮ арку на Šv. Kazimiero на Bokšto. Кожны раз праходзячы праз ТУ арку, мне заецца, што я трапляю на машыну часу. Яна зусім не зьмянілася з 60-х гадоў дык дакладна. Такой жа самай я бачыла яе на фатаздымках тых часоў. Гавораць, што час ад часу ў акенцы над аркай гарыць сьвятло. Напэўна, ў гэты час арка становіцца сапраўдным мастом паміж сучасным і мінулым.

Вільня, Вильнюс, арки Вильнюса, старый город Вильнюса

Bokšto –гэта вуліца з тымі самымі абшарпанымі дамамі. Адна з маіх самых улюблёных, дарэчы. Чаму –не скажу. Бо гэта трэба адчуць.

11

Злавіць у паветры той марскі пах, які яўна адчуваецца з адным з яе падворкаў, паверыць ў васіліска, што жыве пад барбаканам, разгледзіць праз разбураную каменную кладку нешта сваё…

12

З Bokšto збочваем ў двор, ў якім самымі першымі ў горадзе зацьвітаюць пралескі. Праўда-праўда, аўтарытэтныя людзі правяралі . Спускаемся да ракі. Даем Ужупісу як сьлед пранікнуць ў нашую кроў.  І потым пачынаем расказваць адна адной небыліцы, перамяжоўваючы іх з громкім сьмехам…

Абсалютна шчасьлівыя вяртаемся дадому і проста падаем ў ложкі.  Трэба спаць. Таму што заўтра будзе Uno-park з яго вяровачнымі трасамі пад нябёсамі, цэпеліны ў Дварасе, лілеі ў Бельмонтасе і нават бадмінтон ў Reformatų skveras. Усё-усё будзе.

Вільня, Вильнюс

… Мы быстро-быстро бежим вниз по улице Швенто Йоно. Мы очень спешим. До нашего двора отсюда еще целых шесть кварталов, а уже совсем стемнело.

Наше кухонное окно нараспашку, и на весь двор пахнет жареной рыбой — это бабушка готовит ужин. Я кладу портфель на подоконник, подтянувшись на руках, залезаю туда сам и протягиваю руку сестре. Глупо заходить через дверь, когда открыто окно.

Бабушка говорит:

— Где вас опять черти носили?

Мы с Лоретой сидим на подоконнике, одной ногой уже в доме, другой еще на улице, и смеемся.**

* Макс Фрай «Сказки старого Вильнюса-2» «Оставайтесь с нами».

**Макс Фрай “Сказки старого Вильнюса” “”Фонарщик”.

Кацярыне Горкай пісалася пад “Leisk” Andrius Mamontovas, фота аўтара