Друскінінкай ці куды паехаць у Літву акрамя "Акропаліса"

Друскінінкай ці куды паехаць у Літву акрамя «Акропаліса»

Атрымала ад нашай  вандроўніцы Кацярыны ліст. Яна быццам прачытала мае думкі аб тым, куды паехаць у Літву, каб  было недалёка і цікава, добра дзецям і дарослым. Знайдзіце ўтульнае мясцечка на канапе і слухайце:

"Калі  ў вас няма магчымасьці паехаць далёка-далёка, але душа просіць вандровак, стомлены розум– спакою ці, наадварот, – актыўнага адпачынку, то вам самы час  завітаць у Друскінінкай.

1400091014-clip-56kb

Як даехаць да Друскінінкая

Шлях ад Мінску даволі просты. Калі ў вас няма машыны, то ёсьць два варыянты: Мінск-Гродна-Друскінінкай і Мінск-Вільнюс-Друскінінкай. Мы скарысталіся абодвума: туды –праз Гродна, назад – праз Вільню. Скажам так: праз Гродна выйдзе таньней, калі ехаць да Гродна цягніком. Але гэта больш доўгі па часе шлях. Квіток у плацкартны вагон каштуе каля 65 тыс, дзецям  5-10 год – 35% ад гэтай сумы. Квіток на аўтобус  Гродна-Друскінінкай -60 тыс, зьніжак дзецям няма.  Квіток на аўтобусны маршрут Друскінінкай- Вільнюс абыйдзецца вам у 32 літа, дзецям да 10 год – 50%, да 6 год –бясплатна. Ну а ўжо як выбірацца з Вільнюса кожны вырашае сам. Мы ехалі аўтобусам, дарослы квіток каштаваў 13 еўра, дзіцячы –палову ад гэтай сумы (куплялі гэтыя квіткі праз інтэрнэт  - www.luxexpress.eu)

Так здарылася, што ўжо другі год запар мы выбіраемся у Друскінінкай напярэдадні майскіх сьвятаў. Яшчэ не так шмат турыстаў, але ўжо цёпла, паўсюль снуюць ровары і кавярні гасьцінна адкрылі летнія тэрасы.

  Пра ровары

IMG_6987

 У нашай сям’і ўсе прыхіліньнікі ровараў, а некаторыя нават проста фанаты гэтага спосабу актыўнага адпачынку. І таму першае, што мы робім па прыездзе – гэта ідзем на Vilniaus aleja, 8, дзе – на мой сьціплы погляд – знаходзіцца лепшы пункт пракату ровараў у гэтым горадзе. Кошты такія: 1 гадзіна – 7 літ, 2 г. -12літ, 3г. -15літ, суткі -30літ.  Мы бралі 3 ровара, таму гаспадар рабіў нам зьніжку. Ёсьць ровары для маленькіх з прыстаўнымі коламі, ёсць для больш старэйшых (як мая 6-гадовая дачка) – без дадатковых колаў, някепскі выбар мадэляў для падлеткаў, а ўжо пра ровары для дарослых і гаварыць няма чаго – горныя, гарадзскія, дамскія….

 Азеры ў Друскінінкае

Карацей – бяром ровары – і на азёры!

IMG_7031

Ня ведаю, каму як, а мне падабалася сесьці (і нават легчы) на прагрэты сонцам драўляны пірс і глядзець на ўсю гэтую водную прыгажосьць праз напаўзаплюшчаныя вочы. І адчуваць, што шчасьце –гэта так проста… Трэба проста спыніцца, затрымацца і глыбока ўздыхнуць. І час, спаймаўшы твой настрой, пачынае бегчы марудней, хьвілінкі, як матылі, садзяцца кветкі, каб адпачыць і даць адпачыць табе…

Чым вабяцца турысты

Галоўнай турыстычнай славутасьцю Друскінінкая лічацца яго СПА. Але я, нажаль, там не была. Рэклямныя прашпекты пагартала, уразілася, дала сабе слова, што ў іншы прыезд абавязкова наведаюся)))

Не саступае СПА па папулярнасьці друскінінкайскі аквапарк. Галоўная яго адметнасьць –гэта бані і наяўнасьць вельмі камфортнай дзіцячай зоны. Для маленькіх дзяцей там проста шыкоўна! Свае горачкі, цёплы “вадаём” і нават пяшчаны бераг))) З коштамі можна азнаёміцца на сайце воднага парка.

Але для нас галоўнай забавай ў гэты раз стаў ONE nuotykiu parkas - www.oneparkas.lt Гэта парк вяроўкавых атракцыёнаў.  Апісваць безсэнсоўна – гэта трэба бачыць!

IMG_7115

Для дзяцей існуе сьпецыяльная дзіцячая траса.  Дзеці –гэта ўсе тыя, чый рост менш за 145 см (на касе ёсьць растамер). Калі вашае дзіця вышэйшае, то яно можа ісьці на дарослыя трасы (не на ўсе, канечне). На якую трасу вы адправіце свайго амаль падлетка – вашая справа.  Мы былі ўпершыню, таму Валянцін пайшоў на дзіцячую трасу.  Але можна (і – як паказала практыка -патрэбна) было ісьці на больш складаныя ўзроўні.

IMG_7154

Для дзяцей існуе 3 трасы. Белая – самая простая, на ёй дзіця атрымоўвае патрэбныя яму навыкі пад кіраўніцтвам інструктара. Жоўтая – ужо значна больш працяглая і складаная. Аранжавая – яшчэ больш мудрагелістая))) Маёй дачцэ шэсць год, рост ў яе 124 см, усе трасы яна прайшла без маёй дамамогі.

Канечне, кожны апранае страховачны пояс.  Дарослым яшчэ выдаюць пальчаткі. Самыя маленькія могуць палазіць па лабірынту з сеткі.Трасы для дарослых наўпрост захопліваюць подых. Я баязліўка, таму проста глядзела зьнізу.

Яшчэ існуе такая паслуга, як палет на тросе праз Неман.

Карацей, гэтае месца вартае вашай ўвагі. А ўжо ўвагі вашых дзяцей так 100%!

Калі вам сьпякотна, ці вы проста прыхільнік горных лыжаў, то вам абавязкова патрэбна завітаць у Snow Arena - www.snowarena.lt.

У асяроддзі хваёвага бору змяшчаецца ўсё тое, што можа парадаваць лыжных гурманаў: сьнег, які не растае нават у сама гарачы летні дзень, лёд, які не ператвараецца ў ваду, і хуткасць спуска з высокіх гор.

Маіх жа дзяцей зацікавіла інфармацыя пра вялікі дзіцячы лабірынт, які месьціцца ў гэтай самай Snow Arena.  Дабрацца да яе можна нават пешшу (мы так і зрабілі) – ад аквапарка 30 хьвілін па добрай асфальтаванай дарозе праз лес. Але лепш за ўсё – гэта арэндаваць ровар:)

Лабірынт чакае дзяцей ва ўзросьце з 3 да 12 год. Кошт: 1 гадзіна – 8 літ, 2 г – 15 літ, цэлы дзень – 22 літа. У выходныя дні на пару літ даражэй. Дарослыя, каб прайсьці  разам зь дзецьмі за турнікеты, плоцяць 10 літ, але гэтыя грошы (вам выдадуць картку чырвонага колеру) можна патраціць у рэстарацыі побач з лабірынтам. Дарэчы рэстаран танны і гатуюць там смачна. Там сістэма як у нашым Лідо –падыхозіш і гаворыш, што табе пакласьці ў талерку (выбар меншы за Лідо, канечне).

А яшчэ па Друскінінкаі прыемна проста шпацыраваць. Уздоўж Нёмана, ці па парках, завісаючы ля дзіцячых пляцовак ці каля фантана. Фантан, дарэчы – гэта цэнтр гарадзкога жыцьця.

IMG_7083

Удзень ён некалькі разоў у гадзіну радуе наведвальнікаў водным шоў пад музыку, а ўвечары да усяго гэтага далучаецца падсьветка і відовішча становіцца вельмі прыгожым! Я жадаю вам ўсім адкрыць свой Друскінінкай – спакойны, поўны птушак, сонца, ласкавага ветра. Зачаравацца яго люстэркавымі  азёрамі,  у якія  так любяць глядзецца Гарадзкі музэй і Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Праехацца па яго сьцежках, шляхах і сьцяжыначках. Выпіць кавы ў выкшталцонай французскай boulangerie ці харызматычным Coffee inn. І папасьць пад хараство гэтага горада, у які абавязкова трэба вярнуцца. Не забудзьцеся кінуць манетку ў Нёман".

 заўсёды ваша, Кацярына Горкая

другія гісторыі з Кацярынай і дзецьмі:

1. Прыгоды Беларусаў у Італіі

2.  Навагодняя Польшча

3 Аўстрыя з водарам вясны і кавы